Падчас прэс-туру прадстаўнікоў Выдавецкага дома «Педагагічная прэса» ва ўстановы адукацыі Слоніма даведаліся пра адметнасці дадатковай адукацыi.
У Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ва ўсіх кабінетах гучаць дзіцячыя галасы. Канікулярны тыдзень насычаны на заняткі і мерапрыемствы. Асабліва людна ў педагога Уладзiмiра Ляшэнкі. Больш за 30 гадоў Уладзiмiр Аляксеевіч вучыць асновам тэхнічнай творчасці і авіямадэлізму.
— Вывучыць чарцяжы, вырабіць дэталі і сабраць апарат — справа не з простых, але хлопцам падабаецца. Для мяне ж важна, каб яны сталі сапраўднымі мужчынамі, здольнымі і цвік забіць, і адрамантаваць, калі спатрэбіцца, — гаворыць педагог.
Яго калега Вольга Аляксандрава дапамагае дзецям рабіць першыя крокі ў свет матэматыкі, інфарматыкі і робататэхнікі. У выніку яе выхаванцы не проста робаты-машынкі збіраюць, а нават робатаў-сабак і сланоў.
Як адзначыла падчас сустрэчы начальнік упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Святлана Валько, сістэма адукацыі раёна працуе на рознабаковае развіццё кожнага дзіцяці і падчас вучэбнага працэсу, і на канікулах.